Аказанне паслуг: ІП Місюкевіч С.М., УНП 192650318.© 2016

-

website | design by Yana Lipen

logo | pictures by Olga Gorbacheva

 

  • Facebook - Black Circle

ІСЛАНДЫЯ, цэнтральныя сугор'і

Тэрмін: 06.07 - 17.07 (12 дзён)

Складанасць: 3/5

Кошт удзелу:  320€ - што ўлічана?

Кіламетраж:  ~130 км,  4.4 км, 4.5 км

Маршрут

Наш новы маршрут у Ісландыі па цэнтральных сугор'ях (highlands)! Маршрут дзікі і разнастайны, тут амаль няма турыстаў, начлегі ў кэмпінгах толькі пасярэдзіне маршруту.

 

У нашым паходзе:

  • Наведаем залатое Кальцо Ісландыі - Даліну Гейзераў і вадаспад Гульфосс;

  • Пройдзем трэк па чырвонаму хрыбту Керлінгафьодль (тут выбітны ландшафт);

  • Геатэрмальная зона Хверадалір з рознакаляровымі гарамі, фумароламі і ледавікамі на навакольных схілах.  

  • Геатэрмальная зона Хверавеллір з гарачым басейнам, мацнейшым пыхаючым конусам Эйвіндахвер і булькаючымі бірузовымі крыніцамі;

  • Другі па велічыні ледавік у Ісландыі - Лангйокюдль;

  • Узыходжанні на вяршыні: Снэколлур (1458 м), Фанборг (1428м), Лотмундур (1429 г), Хрутфелл (Hrutfell, 1396 м);

  • Напрыканцы адагрэемся ў тэрмальным комплексе Лейгарватн фантана!

Маршрут складаецца з двух этапаў:

1) Чатырохдзённы паход па хрыбту Керлінгафьодль з вяртаннем у кропку старту; 

2) Чатырохдзённы трэк К'ялвегур (да возера Хвітарватн уздоўж ледавіка Лангйокюдль).

 

Фізічна паход сярэдні па цяжкасці. Начлегі на значнай вышыні, можа быць халодна, моцны вецер, пераходы па снезе, броды і бездарожжа. Частку ежы пакінем у забросцы на пачатку, таму заплечнікі не будуць дужа цяжкія. Ісландыя вядома сваім непрадказальным надвор'ем і вялізарнай колькасцю ападкаў,да гэтага трэба быць падрыхтаваным.

Дзень 1. Сустрэча ў Рэйк'явіку.

Сустракаемся ў кэмпінгу Рэйк'явіка (campsite Laugardalur), ен размешчаны ў парку ў 2 км на ўсход ад цэнтру горада. Сюды можна даехаць аўтобусам наўпрост з аэрапорту. Пра даезд з аэрапорту чытаем тут. Адпачываем пасля пералету.

Этап 1. Дзень 2-5. Паход па хрыбту Керлінгафьодль.

Пераезд аўтобусам: ~5г

Пешая частка: ~50 км ↑~2500 м ↓~2500 м.

На аўтобусе пераязджаем у Керлінгафьодль (Kerlingarfjöll). Па дарозе аўтобус спыняецца ля гейзера Строкур (Strokkur) і вадаспада Гульфосс (Gulfoss) з дадатковым часам на агляд гэтых славутасцяў, а затым зварочвае на грунтоўку ў цэнтральныя cугор’і (highlands). Такім чынам мы атрымоўваем экскурсію па Залатому кальцу Ісландыі без дадатковых фінансавых і часовых выдаткаў ;-).

За чатыры дні пройдзем трэк па хрыбту Керлінгафьодль (Kerlingarfjöll). Ландшафты тут выбітныя, а турыстаў амаль няма, дзікія мясціны. Будзе шмат бродаў, бездарожжа и пераходаў па снезе. 

 

Горны хрыбет быў сфарміраваны вулканічным вывяржэннем яшчэ ў часы ледавіковага перыяду. Лічыцца, што ён да гэтага часу актыўны, хоць і не вывяргаўся ужо доўгі час.  Керлінгафьодль гэта не толькі вобласць з найбольш магутнымі гарачымі крыніцамі ў краіне, але таксама і цэнтр цэлай сістэмы вулканаў, плошча якой складае 100 квадратных кіламетраў. Ліпарыт, з якога пераважна складаюцца гэтыя горы, надае зямлі мігатлівы чырвоны колер, а мінеральныя адклады, якія з'явіліся дзякуючы гарачым крыніцам, афарбоўваюць зямлю чырвоным, зялёным і жоўтым.


Паводле легенды, назву Керлінгафьодль або «горы жанчыны» гэтыя горы атрымалі пасля таго, як жонка троля ператварылася ў камень не паспеўшы схавацца на ўсходзе сонца ў гарах. 

Праз чатыры дні мы вернемся ў тую ж кропку, таму ежу, газ і некаторыя рэчы пакінем у забросцы у прытулку.

Падчас паходу наведаем геатэрмальную даліну Хверадалур у сэрцы Керлінгафьола з мноствам гарачых крыніц, пыхаючых фумарол і рознакаляровымі гарамі навокал. Радыальна (без вялікіх заплечнікаў) узыйдзем на вышэйшыя горы масіва Снэколлур (1458 м), Фанборг (1428м) і Лотмундур (1429 г).

Усе начлегі ў гарах у прыгожых дзікіх месцах. Апошняя ноч у кэмпінгу (мажлівасць прыняць гарачы душ). Тут даволі вялікая вышыня для Ісландыі, таму досыць халодна. Мажлівы вельмі моцны вецер.

Дзень 6. Пераезд у Хверавеллір

Пераезд аўтобусам: ~1г

Фактычна ў нас дзень адпачынку пасярод вандроўкі. Сядаем у той жа аўтобус, з якога выйшлі ў мінулы раз :) Пераязджаем у нацыянальны парк Хверавеллір (Hveravellir) - даліну з гарачымі крыіцамі, прыгожымі фумароламі, сернымі палямі, натуральным басейнам і іншымі праявамі геатэрмальнай актыўнасці.

Самым знакамітай гарачай крыніцай у даліне можна назваць Эйвіндахвер (Eyvindahver), з якой звязаная гісторыя абвешчанага па-за межамі закону пустэльніка Эйвіндура. Разам са сваёй жонкай ён пражыў у ізаляцыі ад людзей амаль 20 гадоў.

Будзе досыць часу пахадзіць і паздымаць навакольныя цікавосткі. А вечар правядзем, адмакаючы у тэрмальным басейне - найлепшы адпачынак у Ісландыі для стомленых трэкераў! Начлег у кэмпінгу Хверавелліра.

Этап 2. ​Дзень 7-10. Да возера Хвітарватн уздоўж ледавіка Лангйокюдль

~70 км ↑~1900 м ↓~2000 м.

Распачынаем другі этап нашага падарожжа - трэк К'ялвегур. Нашая мэта - возера Хвітарватн, да якога дойдзем праз чатыры дні. Збольшага рушым уздоўж ледавіка Лангйокюдль - другога па велічыні ў краіне. Шлях нескладаны з малымі перападамі вышынь. Будзе некалькі прыгожых радыялак з даляглядамі на велізарны ледавік Лангйокюдль і возера Хвітарватн, у тым ліку ўзыходжанне на гару Хрутфелл (Hrutfell, 1396 м), на вяршыні якой ляжыць свой ледавік Хрутфеллсйокюль. Усе начлегі "па-дзікому".

 
 

Дзень 11.  Пераезд у Лейгарватн

Невялікі пераход і ў сярэдзіне дня з'язджаем на Лейгарватн (Laugarvatn) - гэта невялікі гарадок у накірунку Рэйк'явіка. Робім развітальную вячэру і падводзім вынікі пахода. Калі спяшаецеся дахаты, можна ўехаць адразу ў Рэйк'явік.

Дзень 12. Тэрмальныя крыніцы

Напрыканцы паходу выдатна адпачыць і паслабіцца ў тэрмальных крыніцах (ну а дзеля чаго мы тут спыніліся?!). Тут цэлы спа-комплекс Лейгарватн фантана (Laugarvatn fontana): гарачыя басейны, паравая саўна і вялікае возера. 

https://www.fontana.is/

Увечары можна пераехаць у Рэйк'явік ці адразу ў аэрапорт (калі вылет бліжэй да ночы). 

Умовы ўдзелу

Кошт удзелу: 320€*

(100€ - перадаплата пры рэгістрацыі)

*Кошт ў валюце ўказаны для даведкі, усе разлікі на тэрыторыі Беларусі адбываюцца ў беларускіх рублях па курсе НБРБ.

УЛІЧАНА:

  • харчаванне (3 разы на дзень);

  • начлегі у платных кэмпінгах на маршруце:

       - Рэйкъявік (1 ноч);

       - Керлінгафьодль (1 ноч);

       - Хверавеллір (1 ноч);

       - Лейгарватн (1 ноч);

  • газ і газавае абсталяванне;

  • агульны рыштунак (у тым ліку месца ў намеце);

  • групавая аптэчка;

  • рамонтны набор;

  • кансультацыі па любых пытаннях (ад падбору авіяквіткоў да выбару адзення);

  • паслугі арганізатара і гіда-правадніка.

НЕ УЛІЧАНА:

  • авіапералет да Рэйк'явіку (ад 200€);

  • транспартныя пераезды, падрабязней пра іх тут

  • наведванне тэрмальнага комплексу Лейгаватн фантана (~35);

  • медыцынская страхоўка з падвышаючым каэфіцыэнтам на актыўны адпачынак;

  • асабісты рыштунак і адзенне;

  • асабістыя расходы.

Патрэбна добрая фізічная падрыхтоўка (вы павінны быць у стане прабегчы 3 км). Вялікія перапады вышынь за дзень, працяглыя уздымы і спускі, пераходы па снезе. Для ўдзелу ў гэтым паходзе неабходны папярэдні вопыт працяглых пешых паходаў. Спецыяльных навыкаў не патрабуецца. Выключэнні могуць быць, калі вашая фізічная падрыхтоўка і псіхалагічныя якасці не выклікаюць сумневу. 

ЗНІЖКІ:

Паход праводзіцца ўпершыню па прома-кошце, таму максімальная зніжка 10%:

5% зніжка за раннее браніраванне (пры рэгістрацыі на ўдзел да 1.2.2017);
5% зніжка за лаяльнасць (вы ўжо хадзілі са мной у працяглыя вандроўкі);
Зніжкі могуць падсумоўвацца (максімальная зніжка 10%).

АЛГАРЫТМ УДЗЕЛУ:

1. Вы асэнсоўваеце ўсю прыведзеную інфармацыю і прымаеце ўстойлівае рашэнне ўдзельнічаць у вандроўцы. Падаеце заяўку на ўдзел праз форму.

2. Арганізатар пацвярджае мажлівасць вашага удзелу;

3. Падпісваем дамову аб аказанні паслуг;

4. Цягам 7-мі дзен з даты падпісання дамовы, ўносіце перадаплату (у беларускіх рублях па курсе НБРБ на рахунак арганізатара);

5. Вы набываеце авіяквіткі, і рыхтуецеся да вандроўкі;

6. Рэшту ўнеску перадаеце ўжо пры сустрэчы на пачатку пахода.

Як даехаць

АВІАПЕРАЛЁТЫ

Тэрміны паходу аптымізаваны пад пералет лоўкостам Wizzair:

06.07.2018: Vilnius (VNO) 06:05 - Reykjavik (KEF) 07:25;

18.07.2018: Reykjavik (KEF) 20:00 - Riga (VNO) 02:45.

У лоўкоста Wizzair даволі цікавая маркетынгавая палітыка. Па вопыту кошты спачатку (як толькі ў перавозчыка з'яўляецца расклад на новы сезон) нізкія, далей яны падвышаюцца да непрыстойных лічбаў і трымаюцца доўгі час на месцы з невялікімі дэвіацыямі, за 2-3 месяцы да даты вылету кошты зніжаюцца. Таму спяшацца з набыццём дарагіх квіткоў не варта. Для дваіх чалавек і чатырох пералетаў варта набываць акаунт Wizz Discount Club (эканомія ў 10-20 эўра і акаўнт застаецца на будучыню).

Вядома, вы можаце дабірацца любым іншым чынам. Варыянтаў пералету вельмі шмат. ​Я раю выкарыстоўваць метапашукавец azair.eu для бюджэтных авіакампаній (лоўкостаў) і buruki.ru для рэгулярных авіакампаній. Падбірайце сабе падыходзячы варыянт самастойна. Не набывайце авіаквіткі без адмашкі гіда.

 

​Неабходна ўлічваць, што нам яшчэ патрэбны багаж (я дам кожнаму з вас ~6 кг ежы і агульнага рыштунку). Калі вы пара мінімалістаў, то зможаце ўкласціся ў 1 багаж на дваіх. У рэгулярных авіакампаній ен будзе ўлічаны ў кошт, для лоўкостаў яго неабходна будзе набыць дадаткова.​

ДАЕЗД З АЭРАПОРТА У ГОРАД (КЭМПІНГ)

1. Аўтобус Airport Express кампаніі Grayline.

Аўтобусы адпраўляюцца праз 35-40 хвілін пасля кожнага рэйсу.
Кошты: 2400 ISK у адзін бок да тэрміналу, 3900 ISK у два бакі да тэрміналу, 2900 ISK у адзін бок да гатэлю ці кэмпінгу, 4900 ISK у два бакі да гатэлю ці кэмпінгу.
https://airportexpress.is
Квіток набывайце загадзя праз інтэрнет (так танней, чым праз кассу). Тэрмінал кампаніі размешчаны даволі блізка да кэмпінгу, прайсці толькі 2 км (вы ж сабраліся ў паход, праўда?:)). Калі лянота ісці 2 км, можна набыць даражэйшы квіток з шаттлам да кэмпінгу (абіраеце пунктам трансфера Camp Site Laugardalur). 
2. Аўтаспын
У Ісландыі прыемны, бясплатны і хуткі.

Рыштунак і адзенне

Спіс адзення і рыштунку цалкам тут.

Падбірайце найлягчэйшы рыштунак і адзенне, якія можаце сабе дазволіць.

Істотныя рэчы, якасць якіх крытычная для гэтай вандроўкі:


1. Абутак

Патрэбен якасны трэкінгавы абутак. Павінен трымаць ваду (мембрана) і фіксаваць ступню (сярэдні ці высокі). Не шкадуйце грошай на абутак! Кеды, красоўкі, берцы не падыходзяць. На маршруце нам прыйдзецца пераходзіць некалькі рэк уброд, для гэтага вам спатрэбяцца сандалі ці шлапакі з фіксацыяй ступні (кшталту crocs). Калі ваш абутак дрэнна трымае ваду, пры даждлівым надвор'і вымушаны будзеце пакутваць ад вільготных ног увесь паход.

2.Абарона ад дажджу

Патрэбна ў выглядзе нагавіцы + капота. Звычайны дажджавік вы адразу парвеце на часткі. Калі не парвеце, у ім нязручна будзе хадзіць, а вада будзе заліваць вам непрыкрытыя часткі. Найлепшы варыянт - гэта мембрана з індэксам вільгаценепранікальнасці ад 10000 mm. Пры дрэнным надвор'і высушыць свае рэчы вы зможаце толькі ноччу на сабе. Я НЕ раю выкарыстоўваць понча ў Ісландыі па прычыне моцнага ветру.

3. Заплечнік

Гэта тая рэч, на якой не варта эканоміць. Калі ў вас яшчэ няма добрага сучаснага заплечніка з якаснай падвясной сістэмай, то яго варта набыць ці пазычыць у сябра. Я рэкамендую глядзець брэнды  Osprey, Deiter, Lowe Alpine. Магчыма арэнда якаснага заплечніка ў арганізатара (15€ на ўвесь паход). Вы павінны пакінуць дастаткова месца ў заплечніку для агульнага рыштунку і ежы (~20л)! 

Агульная інфармацыя (FAQ)

Транспартныя пераезды ўнутры краіны

Нажаль транспарт у Ісландыі дужа дарагі. Наш маршрут утрымлівае некалькі пераездаў на спецыальным аўтобусе, адаптаваным да ісландскіх горных дарог. Кошт пераездаў НЕ ўлічаны ў кошт удзелу. 

Пераезды па маршруце (агулам ~120€):

Reykjavík - Kerlingarfjöll  7900 ISK (~65€);

Kerlingarfjöll - Hveravellir 2200 ISK (~20€);

Hvítárnes - Laugarvatn 4200 ISK (~35€).

Аўтаспынам да Керлінгафьотля даехаць даволі складана і дзеля гэтага неабходна прылятаць на дзень раней. Аўтаспын даволі просты на кавалку да вадаспада Гульфосс, але далей ідзе грунтовая дарога з невялікім трафікам, дасяжная толькі для 4WD транспартных сродкаў.

Аўтаспын на кавалку з Лейгарватна да Рэйк'явіку ці адразу да аэрапорту будзе легкі. 

ВІЗА

Ісландыя ўваходзіць у шэнген-зону, таму для яе наведваньня дастаткова мець шэнген любой краіны. Ісландскага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі няма, тым не менш ісландскую візу можна атрымаць у амбасадзе Францыі. У амбасаду дастаткова проста можна патрапіць. Часта даюць кароткатэрміновыя мульцівізы (3-6 мес).

Таксама вы можаце атрымоўваць візу той краіны, з якой у вам вылет (Літва, Польшча).

Пераважная большасць з вас будзе вылятаць з Вільні/Варшавы, таму для вашай візавай гісторыі найлепшым варыянтам будзе атрыманне літоўскай/польскай візы. Кароткатэрміновая літоўская віза атрымоўваецца легка і з мінімальным пакетам дакументаў. Падрабязней чытайце FAQ на анлайнеры, рабіце так, як там пішуць.

Нічога дрэннага ў тым, што вы па літоўскай/польскай візе едзіце ў Ісландыю, няма. У пашпарце ў вас будуць стаяць літоўскія/польскія штампы. Памежнага кантролю ў Ісландыі ня будзе. З пункту гледжаньня візавай гісторыі вы адкаталі сваю візу бездакорна, калі атрымалі ў пашпарт памежныя штампы той краіны, якая вам выдала шэнген. У наступны раз можаце разлічваць на большы тэрмін.

МЕДЫЦЫНСКАЯ СТРАХОЎКА

Медыцынская страхоўка вам неабходна будзе для таго, каб атрымаць візу. Страхоўка павінна ўтрымліваць у сабе падвышаючы каэффіцыэнт на актыўны адпачынак. Візы ўсе мы будзем рабіць у розны час, таму страхоўка не ўлічана ва ўнесак на паход. З беларускіх буйных страхавых кампаній падвышаючы каэфіцыэнт на актыўны адпачынак мінімальны ў кампаніі ТАСК - 1.5, я звычайна страхуюся там.

НАЧЛЕГ

Ночым у наметах, якія носім на сабе. Наметы для вандроўкі прадастаўляюцца арганізатарам, іх амартызацыя ўлічана ва ўнёсак на вандроўку. Колькасць наметаў і іх ўмяшчальнасць залежаць ад складу групы. Найлепшым варыянтам па вазе на чалавека / цеплыні/ камфорту з'яўляюцца 4 ці 5--мясцовыя намёты. Калі вы з'яўляецеся парай, мы дадзім вам 2-х мясцовы намет, каб вы мелі сваю інтымную прастору :) Вы можаце браць свой уласны намет па дамове з кіраўніком і атрымаць невялікую зніжку за гэта. Наметы і агульны рыштунак у паходзе звычайна размяркоўваюцца паміж мужчынамі.
 

ЕЖА

Частку ежы на актыўную асноўную частку вандроўкі вязем з сабой з Беларусі, яна размяркоўваецца паміж удзельнікамі перад паходам у Мінску. Частка ежы дакупаецца загадзя арганізатарам на месцы і размяркоўваецца паміж удзельнікамі ўжо па месцу збора групы. Ежу носім у заплечніках на сабе (не заўседы, бо ў маршруце некалькі радыялак). Ежа будзе мінімізавана да ~600 г на дзень на чалавека. Выкарыстоўваем толькі сухія складнікі (сушаная гародніна, мяса, рыба), ніякіх кансерваў і безсэнсоўнай лішняй вагі. Вы магчыма скінеце некалькі кг за паход, нагоніце потым :) Гатуем на газу, яго таксама цягаем з сабой, як і газавае абсталяваньне. Вогнішча не будзе ніколі (дрэваў і лесу там няма). Вага дадатку ў выглядзе ежы ў ваш заплечнік складзе 5-7 кг. Калі вы не ўжываеце пэўныя прадукты ў ежу (напрыклад мяса, рыбу), аб гэтым неабходна загадзя паведаміць арганізатару.
 

НАДВОР'Е

Надвор'е напрадказальнае, змяняецца хутка. Можа быць вельмі шмат дажджу, туманы. Характэрны моцны вецер. Прыкладныя тэмпературы ўдзень +10-15 °C, ўначы +5-10 °C. На перавалах ляжыць снег (ен зляжалы, ногі не правальваюцца)